У Брэсце выйшлі на працу грамадскія інспектары ДАІ

Пра гэта распавёў адзін з іх, пажылы чалавек у святлоадбівальнай камізэльцы і з жазлом. Паводле ягоных словаў, цяпер іх па Брэсце працуе каля 40 чалавек.  Даішныя “дружыннікі” нібыта маюць тыя самыя правы, што і штатныя інспектары ДПС. Найперш яны адсочваюць, каб рух транспарту і пешаходаў адбываўся паводле правілаў. Прыярытэтам з'яўляецца і правільная паркоўка. Мужчына паведаміў, што да выхаду на пенсію быў супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі. Сказаў, што грошы даюць, але невялікія.

У прэс-службе абласной Дзяржаўтаінспекцыі гэтыя звесткі часткова пацвердзілі. Пазаштатных інспектараў ДАІ — 262 чалавекі. Іх рэкрутуюць на васьмі транспартных прадпрыемствах горада. Калі набягае больш за 30 “працадзён” у год,  батальён ДПС альбо прадпрыемства выплачвае прэмію. Ім належыць тры дадатковых дні адпачынку.

Што да правоў, то “дружыннікі” ДАІ могуць усё, акрамя складання пратакола. Для пратакола выклікаюць бліжэйшага інспектара.