У Брэсце забыліся завяршыць найдаўжэйшы ў свеце фестываль

30 снежня павінен быў завяршыцца фестываль здароўя, абвешчаны Брэсцкім аблвыканкамам яшчэ ў траўні. Фестываль меў вызначыць  найлепшыя прафесійныя калектывы  і ўстановы адукацыі ў сферы фармавання здаровага ладу жыцця, найбольш біялагічна здаровую прафсаюзную арганізацыю і найлепшы клуб “Юны алімпіец”.  Але афіцыйныя СМІ, сайт аблвыканкама замаўчалі падзею.

На сайце аблвыканкама  ёсць справаздача абласнога аддзела аховы здароўя. Яго кіраўнік Ігар Ласіцкі канстатаваў нулявы прырост  насельніцтва Брэстчыны. Праўда, гэта суадносіцца з рэспубліканскай праграмай дэмаграфічнай бяспекі, а не з фестывалем, хоць перад ім ставілася задача “замацавання і развіцця станоўчых тэндэнцый у дынаміцы медыцынска-дэмаграфічных паказчыкаў”.
 
Калі фестываль забыліся закрыць, то, верагодна, цераз яго працягласць. Бо ён у чатыры разы перасягнуў  традыцыйны Фестываль Надун народнасці Ту ў Кітаі, апісаны ў Вікіпедыі.