У Брэсце затрымалі махляра, які ствараў ва Украіне ілжэфірмы

Махляра затрымалі ў Брэсце. На працягу 2005-2007 гадоў ён рэгістраваў ва Украіне ілжэфірмы.  Дзеля гэтага 35-гадовы грамадзянін Беларусі арганізаваў злачынную групу, удзельнікі якой вазілі ў Кіеў жыхароў Брэсцкай вобласці. Там беларусы падпісвалі дакументы, неабходныя для стварэння на іх імёны камерцыйных прадпрыемстваў.

Брэстчане, якія станавіліся заснавальнікамі і дырэктарамі камерцыйных фірмаў, падпісвалі генеральную даверанасць на імя грамадзяніна Украіны, які ў далейшым дзейнічаў ад іх імён. За гэта яны атрымлівалі ўзнагароджванне ў памеры ад 20 да 100 долараў.

У выніку, з дапамогай такіх "фірм-аднадзёнак" адбываліся крадзяжы фінансавых сродкаў украінскіх дзяржпрадпрыемстваў у асабліва буйным памеры шляхам заключэння фіктыўных дамоваў.

Паводле звестак праваахоўнікаў, у Брэсце зафіксавана каля 100 фактаў выкарыстання мясцовых жыхароў махлярамі.

БелаПАН