У Брэсцкім раёне 68-гадовы мужчына адключыў трансфарматарную падстанцыю

68-гадовы жыхар Брэсцкага раёна адключыў мясцовую трансфарматарную падстанцыю. Зрабіў ён гэта з хуліганскіх меркаванняў, паведамляе БелаПАН.  28 лістапада невядомы прабраўся на ахоўную тэрыторыю дзіцячага аздараўленчага лагера "Церамок" у вёсцы Шчэбрын і адключыў падстанцыі. У выніку былі абясточаныя шэсць вёсак.

Міліцыянты высветлілі, што зрабіў гэта 68-гадовы жыхар вёскі Шчэбрын. Пенсіянер, пасварыўшыся з аднавяскоўцам, хацеў адключыць святло ў яго хаце і такім чынам адпомсціць свайму крыўдзіцелю.

Падазраваны ў хуліганстве мужчына атрымаў электрычныя апёкі рук і змешчаны ў лякарню. Яго жыццю нічога не пагражае.