У Брусэлі дэлегацыя Беларусі будзе напалову аб'яднаная, але раз'яднаная

Еўракамісія сама выбірала беларускіх удзельнікаў для Форума грамадзянскай супольнасці "Ўсходняга партнёрства" 2 лістапада ў Мінску прайшла канферэнцыя "Форум грамадзянскай супольнасці" Ўсходняга партнёрства": парадак дня для Беларусі". Гэта другая другая падрыхтоўчая сустрэча прадстаўнікоў беларускага трэцяга сектара да Форума грамадзянскай супольнасці праграмы Еўрасаюза "Ўсходняе партнёрства", які пройдзе 16-17 лістапада ў Брусэлі.

Ядро арганізатараў канферэнцыі ўтварае кансорцыюм "ЕўраБеларусь", які, у сваю чаргу, складаецца з арганізацый некалькіх замежных краінаў і 6 беларускіх арганізацыяў. У аргамітэт канферэнцыі ўваходзілі таксама прадстаўнікі Офіса за дэмакратычную Беларусь, Асамблеі НДА Беларусі, Руху "За свабоду" і іншых няўрадавых арганізацый.


Па словах аналітыка Ўладзіміра Мацкевіча, які актыўна ўдзельнічаў у аргкамітэце, канферэнцыя прысвячалася таму, як будзе пабудаваны Брусэльскі форум і ці будзе ён мець уплыў на дачыненні паміж ЕС і Беларуссю.

Уладзімір Мацкевіч: "У гэтым сэнсе канферэнцыя была прысвечаная павелічэнню ўплывовасці грамадскага сектару. Нам ёсць з чым ехаць, мы добра ведаем гэтыя рэчы. А вось як павысіць уплывовасць грамадзянскай супольнасці на пытанні інтэграцыі Беларусі і ЕС – вось галоўнае пытанне канферэнцыі".

Абмеркаванні праходзілі ў рамках чаторых секцыяў, адпаведным тым тэматычным платформам, якія існуюць у рамках Усходняга партнёрства: дэмакратыя і належнае кіраванне, эканамічная інтэграцыя, энэргетычная бяспека і экалагічнае супрацоўніцтва, кантакты паміж людзьмі з перспектывай увядзення бязвізавай прасторы.

Адзін з удзельнікаў канферэнцыі ў Мінску Віталь Сіліцкі лічыць, што ў секцыі дэмакратыі і належнага кіравання на брусэльскім форуме актыўны ўдзел грамадзянскай супольнасці мажлівы, па энэргетыцы таксама, а вось у пытаннях эканомікі і кантактаў паміж людзьмі – хіба не.

На думку Сіліцкага, перад грамадзянскай супольнасцю Беларусі стаіць няпростая задача. Каб мець уплыў на пытанні інтэграцыі Беларусі і ЕС, ёй неабходна бачыць еўрапейскія інстытуцыі і беларускі ўрад як сваіх партнёраў, а не апанентаў. Прычым, адзначае спадар Сіліцкі, партнёрства з урадам вельмі залежыць ад волі ўрада, а ад еўрапейскіх інстытутаў не варта дамагацца таго, на што інстытуты ЕС не пойдуць. Напрыклад, не варта выкарыстоўваць пляцоўку Ўсходняга партнёрства для тузання з урадам.

Уладзімір Мацкевіч лічыць, што мінская канферэнцыя прайшла ўдала: "Мы склалі досыць выразнае ядро беларускай дэлегацыі, якія пагадзіліся паміж сабою, узгаднілі пазіцыю, і зараз на  падставе прынятай рэзалюцыі, абмеркаваных пытанняў, праблемаў беларуская дэлегацыя досыць кансалідавана едзе. Тое, што ўдалося досыць вялікую ступень паразумення дасягнуць паміж ЕўраБеларуссю, Асамблеяй НДА, Рухам "Будзьма", Рухам "За свабоду" – гэта вельмі станоўчы вынік гэтай канферэнцыі".

Тым не менш, па словах Мацкевіча, беларуская дэлегацыя на Брусэльскім форуме будзе раз'яднаная. Бо, па-першае, на ім будуць прадстаўленыя і прадзяржаўныя НДА, а па-другое, не ўсе дэмакратычныя арганізацыя пагаджаюцца паміж сабой.

Але дэмакратычныя няўрадавыя арганізацыі – прыблізна палова ўсіх дэлегатаў – дамовіліся скласці ядро дэлегацыі. І да яго як на самім форуме, так і за два тыдні да яго могуць далучыцца іншыя НДА.

Еўракамісія, ведаючы складаную сітуацыю з грамадзянскай супольнасцю ў краінах Партнёрства, сама адабрала арганізацыі на брусэльскі форум. Напрыклад, ад Беларусі гэта 27 няўрадавых арганізацый.

Уладзімір Мацкевіч: "Гэта не зусім правільна з нашага пункту гледжання, таму што мы лічым, што беларуская грамадзянская супольнасць ужо досыць арганізаваная, і мы б самі маглі вылучаць такіх кандыдатаў".

Праўда, адзначае Ўладзімір Мацкевіч, тады б у дэлегаты былі адабраныя толькі прадэмакратычныя, праеўрапейскія арганізацыі. А вось Еўракамісія ўключыла і сектар прадзяржаўных арганізацый.

Віталь Сіліцкі станоўча ацэньвае той факт, што адборам займалася Еўракамісія. Іначай, на ягоную думку, на брусэльскі форум трапіла б менш прадстаўнікоў бізнэсу і  экспертнай супольнасці і, верагодна, больш прадстаўнікоў палітызаваных НДА.

Віталь Сіліцкі: "Быў бы снэпшот (копія. — Еўрарадыё) такой канферэнцыі ў Мінску, на якой 80 чалавек сядзелі на панэлі па дэмакратыі і 2 чалавекі — на панэлі па эканоміцы. Дзякуй Богу, што адбіраліся кандыдаты Еўрапейскай камісіяй, таму што дэлегатаў удалося збалансаваць па ўсіх панэлях".