У Бруселі працягваюцца дыскусіі па пытанні санкцый у адносінах Беларусі

Пытанне аб частковым прыпыненні санкцый у адносінах Беларусі пакуль канчаткова не ўнесенае ў павестку паседжання міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза, якое адбудзецца 16-17 лістапада ў Бруселі. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў шведскім прадстаўніцтве ў ЕС. У прэс-службе Савета ЕС патлумачылі, што па беларускім пытанні не закончаныя дыскусіі на ўзроўні пастаянных прадстаўнікоў краін ЕС у Бруселі. Паводле інфармацыі Стэфана Эрыксана, амбасадара Швецыі, якая старшыньствуе ў ЕС, кіраўнікі МЗС краін Еўрасаюза ўсё ж прымуць рашэнне аб санкцыях у пачатку наступнага тыдня.

Нагадаем, у кастрычніку 2008 года кіраўнікі МЗС краін ЕС прыпынілі на паўгады дзеянне санкцый для 36 беларускіх чыноўнікаў, у адносінах якіх на працягу чатырох гадоў дзейнічалі візавыя санкцыі. У сакавіку сёлета замарозку санкцый працягнулі на дзевяць месяцаў. Поўная іх адмена была пастаўленая ў залежнасць ад рэформы выбарчага заканадаўства, забеспячэння свабоды аб'яднанняў, стварэння ўмоваў для дзейнасці няўрадавых арганізацый, свабоды прэсы і зняцця абмежаванняў для свабоды асобы.