У Бярозаўскім раёне згарэлі двое рабочых

Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў, гарэла блокавая гаспадарчая пабудова, размешчаная на тэрыторыі прысядзібнага ўчастка. Там акурат будуецца прыватны жылы дом. Загінулыя працавалі на будоўлі.

Калі на месца прыбылі першыя пажарныя падраздзяленне, будынак ужо быў цалкам ахоплены агнём. 52-гадовы гаспадар дома, які на момант пажару спаў у зашклёнай альтанцы побач з пабудовай, здолеў вынесці з агню 33-гадовага і 51-гадовага мужчын. Аднак яны ўжо не мелі прыкмет жыцця і іх выратаваць не ўдалося.

Загінулыя былі наёмнымі рабочымі. Са слоў гаспадара, напярэдадні пажару яны распівалі спіртныя напоі, палілі. Пажар патушылі за 25 хвілін. Агнём знішчаны дах, пашкоджана перакрыцце і маёмасць у пабудове. Асноўная версія трагедыі — неасцярожнасць пры курэнні.