У ЦВК заявілі на адмову ў памяшканні для агітацыі супраць Лукашэнкі

Гамяльчанін Уладзімір Сякерка накіраваў скаргу ў Цэнтрвыбаркам на неправамерныя дзеянні Цэнтральнай раённай камісіі Гомеля па выбарах прэзідэнта. Пра гэта паведаміў БелаПАН праваабаронца Леанід Судаленка. Паводле яго слоў, Сякерка як выбаршчык звярнуўся ў выбарчую камісію з паведамленнем аб правядзенні 12 снежня перадвыбарнага сходу выбаршчыкаў у памяшканні Гомельскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў. Мэта сходу была заяўлена як агітацыя супраць Лукашэнкі. Камісія адмовіла ў выдзяленні памяшкання з прычыны таго, што сход планаваўся на выхадны дзень. Такі адказ Сякерка лічыць неправамерным, бо дадзенае памяшканне з'яўляецца месцам для правядзення агітацыі, вызначаным рашэннем гарвыканкама. Заяўнік лічыць, што ні Выбарчы кодэкс, ні рашэнне гарвыканкама не ўтрымліваюць такой падставы для адмовы ў выдзяленні памяшкання выбаршчыкам, як выхадны дзень. Ён просіць ЦВК прызнаць, што дзеянні Цэнтральнай раённай камісіі Гомеля з'яўляюцца неправамернымі, ушчамляюць правы выбаршчыкаў на правядзенне перадвыбарнага сходу, і абавязаць яе выдзеліць згаданае памяшканне 12 снежня.

Нагадаем, групы грамадзян 29 лістапада падалі паведамленні ў Савецкую і Цэнтральную раённыя выбарчыя камісіі Гомеля пра намер правесці сходы выбаршчыкаў для агітацыі супраць кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі.

Як паведаміў старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў, 3 снежня старшыня Савецкай раённай камісіі Мікалай Малы патэлефанаваў актывістам і сказаў, што для правядзення сходу перашкод няма, але папрасіў прынесці дапаўненне да паведамлення, дзе будзе ўказана, хто з'яўляецца адказным за гэтае мерапрыемства. Сход плануецца правесці 10 снежня ў ДК "Фестывальны".