У доме, на які зваліўся вежавы кран, была 2-гадовая дзяўчынка

У доме, на які зваліўся вежавы кран, была 2-гадовая дзяўчынка

Жыхары дома ў Мінску, на які зваліўся вежавы кран, атрымаюць часовае жыллё (кватэры манеўранага фонду Мінгарвыканкама). Пра гэта паведаміў кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы Аляксандр Крэпак, інфармуе БЕЛТА.

Як паведамляла Еўрарадыё, раніцай 28 верасня вежавы кран, які працаваў на будоўлі шматпавярховіка, зваліўся на прыватны дом на Грушэўскай вуліцы. Сур'ёзныя траўмы атрымаў 25-гадовы кранаўшчык, ён знаходзіцца ў рэанімацыі, яго жыццю нічога не пагражае.

Як стала вядома, у момант падзення крана, у доме былі дзве жанчыны і дзяўчынка 2013 г. н.. Яны не пацярпелі і самастойна выйшлі з будынка. Кран спыніўся ў метры ад дзіцячага ложка (гл. фота).

"Калі падаў кран, ён закрануў электрадраты, і каля [дзіцячага] садку зваліўся слуп. Бацькі ў гэты час вялі дзяцей у садок, хапалі ў жаху дзяцей і ўцякалі", — цытуе словы выхавецелькі з дзіцячага садка газета "Комсомольская правда в Беларуси".

Жыхароў прыватнага сектару, дзе адбылося здарэнне, яшчэ раней пачалі рассяляць. Тым, хто жыў у цяпер часткова разбураным доме (там прапісана 8 чалавек, а жылі толькі трое), пастаяннае жыллё выдзеляць на працягу месяца.

Фота: МНС