У Дубровенскім раёне затрымалі расіяніна, які вывозіў з Беларусі лес
Расійскага браканьера, які вывозіў з Беларусі лес, затрымалі ў Дубровенскім раёне на Віцебшчыне. Як паведамляе газета "Рэспубліка", супрацоўнікі Аршанскай міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету знайшлі ў лесе ссечаныя дрэвы і арганізавалі засаду. Увечары з боку расійскай мяжы прыехалі "па здабычу" два трактары. Пабачыўшы дзяржінспектараў з працаўнікамі лясной аховы і міліцыянтамі, трое браканьераў кінуліся ўцякаць, але адзін з іх быў затрыманы. Ім аказаўся жыхар Смаленска. Цяпер ён знаходзіцца пад вартай, распачатая крымінальная справа.