У Дзень салідарнасці было затрымана больш за 50 актывістаў

Больш за 50 актывістаў дэмакратычнага руху былі затрыманыя 16 ліпеня, у Дзень салідарнасці, у Мінску і ў рэгіёнах краіны. Сярод іх — актывісты "Еўрапейскай Беларусі", "Маладога фронту", "Маладой Беларусі", "Маладых дэмакратаў". На Кастрычніцкай плошчы сталіцы быў затрыманы фотакарэспандэнт "Белгазеты" Вадзім Заміроўскі.
Нагадаем, акцыі праводзяцца 16-га чысла кожнага месяца ў знак салідарнасці з палітвязнямі. На сённяшні дзень за кратамі знаходзяцца ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка, маладафронтавец Арцём Дубскі.

Затрыманні ў Мінску адбываліся ў раёне Кастрычніцкай плошчы і плошчы Свабода, а таксама вуліцы Валадарскага. Некаторых маладых людзей збівалі. Усіх іх пазней адпусцілі без складання пратаколу.

Як паведамляе "Хартыя-97", акцыі былі таксама разагнаныя ў Баранавічах і Віцебску, дзе міліцыянты затрымалі каля 10 чалавек.