У Дзень Волі ў Віцебску ўшанавалі памяць Быкава і Караткевіча

Віцебскія дэмакратычныя актывісты падчас святкавання Дня Волі 25 сакавіка ўшанавалі памяць знакамітых землякоў — Васіля Быкава і Ўладзіміра Караткевіча. Каля 40 чалавек з бел-чырвона-белымі букетамі гваздзікоў і руж прайшлі калонай ад вуліцы Талстога на вуліцу Суворава. Там яны спыніліся каля будынка дзіцячай мастацкай школы, каб ускласці кветкі да памятнай дошкі Васілю Быкаву. Супрацоўнікі праваахоўных органаў не перашкаджалі несанкцыянаванаму шэсцю.

Быў затрыманы толькі адзін удзельнік мерапрыемства з Гарадка Леанід Аўтухоў, які ўзняў бел-чырвона-белы сцяг і стаў гучна скандаваць "Жыве Беларусь!". Затрыманага даставілі ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску.

Ад памятнай дошкі Васілю Быкаву калона прайшла да сквера на плошчы Леніна, дзе знаходзіцца помнік Уладзіміру Караткевічу. Усклаўшы кветкі да падножжа манумента, удзельнікі акцыі праспявалі гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі".

БелаПАН