У дзіцячым садку ў Мар'інай Горцы пацякла страха, якую адрамантавалі летам
У дзіцячым садку №3 горада Мар'іна Горка Мінскай вобласці са столі пацякла вада. У групе №3, куды бацькі прыводзяць чатырох-пяцігадовых дзяцей, вада льецца са столі ў прыбіральні і распранальні. Персанал садка паставіў ўздоўж стыкаў тазікі, уся падлога засцеленая анучамі.
Партал tut.by са словаў бацькоў піша, што са столі ў садку кропала і раней. Улетку дах быў адрамантаваны. У памяшканні самой групы пасля рамонту перастала падцякаць, затое цяпер вада льецца на гардэроб і прыбіральню. Бацькі звяртаюць увагу, што па столі групы праходзіць электраправодка, і падтапленне можа скончыцца кароткім замыканнем і пажарам.
Як выявілася, адно кароткае замыканне разеткі ў групе ўжо было. У выніку быў абясточаны не толькі дзіцячы сад, але і жылыя дамы паблізу.
У мінулыя выходныя мясцовыя ўлады паспрабавалі праблему вырашыць. Намесніца старшыні Пухавіцкага райвыканкама Таццяна Ішуцінава распавяла, што "з даху прыбралі лёд, адрамантавалі узніклую дзірку, высушылі і адрамантавалі столь".
Па словах начальніка аддзела адукацыі Пухавіцкага райвыканкама Валянціны Андрэевай, цечу ў страсе выявілі яшчэ ў снежні 2015 года. Рамонт яе мусіў быць скончаны 10 студзеня. Але складаныя ўмовы надвор'я зацягнулі працу — дамова на рамонтныя працы падоўжаная да 10 лютага.
Дарэчы, капітальны рамонт у садку не рабілі больш за 40 гадоў.