У Фінляндыі 2/3 лесу належыць прыватнікам, яны вырабляюць 80-90% драўніны
Лукашэнка даручыў, каб з 2015 года лясныя гаспадаркі працавалі як у Фінляндыі. Ці зможа Беларусь пайсці на такія рэвалюцыйныя крокі?
Аляксандр Лукашэнка даручыў з 2015 года вывесці ўзровень лесакарыстання на стандарты перадавых краін, перш за ўсё Фінляндыі.
Такую задачу ён паставіў падчас наведвання Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насенняводчага цэнтра.
“Давайце дамовімся так: з будучага года мы працуем толькі так, як працуюць у Фінляндыі, па тэхналогіі вырошчвання, вырошчвання — комплексна. Калі яны гэта не могуць — яны ў лесе не працуюць”, — загадаў Лукашэнка.
Фінляндыя — найбольш багатая ляснымі рэсурсамі краіна ў Еўропе. Штогод рост лясоў за апошнія 40 гадоў перавышаў рубку на 20-30%. Тэрыторыя ахоўных лясоў тут самая вялікая ў Еўропе. За апошнія 30 гадоў яна павялічылася амаль утрая, піша прафесар, доктар аграноміі і лесаводства інстытута лесу Фінляндыі Яры Парвіайнен.
Да гэтага часу лясная прамысловасць мае значную вагу ў Фінляндыі. Лясная гаспадарка і лясная прамысловасць складаюць 8% валавога ўнутранага прадукту. Прыкладна 30% фінскага экспарту складае прадукцыя лясной прамысловасці.
У асноўных лясных раёнах у паўднёвай і сярэдняй Фінляндыі 2/3 лясных масіваў належыць прыватным асобам. У некаторых раёнах прыватныя лясы складаюць да 80%.
Лесагаспадаркі з-за вялікай колькасці ўладальнікаў параўнальна невялікія па памерах, у сярэднім — 26 гектараў лесу.
Прыватная форма лесакарыстання з'яўляецца ключавым пытаннем жыццядзейнасці лясной гаспадаркі Фінляндыі, бо 80-90% драўніны, якая выкарыстоўваецца ў лесапрамысловасці, нарыхтоўваецца ў прыватных лясах.
Фінскія законы забараняюць вынішчэнне прыватнага лесу. Калі пасля рубкі не паклапаціліся аб новых пасадках, карыстанне лесам часова прыпыняецца, а сродкі на аднаўленне спаганяюць з уладальнікаў.
Драўніна нарыхтоўваецца ўжо ў лесе. Ствол вызваляецца ад сукоў і распілоўваецца на месцы ў залежнасці ад прызначэння. Галлё і вяршыня пакідаюцца ў лесе, каб абарот пажыўных рэчываў у лесе не парушаўся і быў раўнамерным.
Лясная прамысловасць Фінляндыі робіць вялікія інвестыцыі ў ахову навакольнага асяроддзя. Напрыклад, у 2000 годзе было інвеставана 88 мільёнаў еўра, што склала 10% усіх інвестыцый лясной прамысловасці ў Фінляндыі.