У Ганцавіцкім раёне вырашылі папоўніць бюджэт за кошт выпуску аблігацыі

Мясцовы бюджэт у Ганцавіцкім раёне вырашылі папоўніць за кошт выпуску мясцовай аблігацыі на суму тры мільярды рублёў. Як піша газета “Ганцавіцкі час”, адпаведнае рашэнне прыняў раённы Савет.
Праўда, на пытанні журналістаў — каму прадаюцца аблігацыі, тэрмін дзеяння якіх распаўсюджваецца да 30 лістапада 2029 года (гэта значыць амаль 20 год), старшыня Савета Віктар Дрозд адказаў, што ён не кампетэнтны ў гэтым пытанні. Аблігацыі ў самым адсталым раёне Брэсцкай вобласці выпускаюцца з мэтай фінансавання дэфіцыту бюджэту.

Дарэчы, у Ганцавіцкім раёне гэта ўжо не першая спроба палепшыць фінансавы стан эканомікі за кошт выпуску аблігацый. У канцы мінулага года райвыканкам зарэгістраваў аблігацыйны займ на тры мільярды рублёў — шэсць імянных аблігацый па 500 мільёнаў кожная. Праўда, па інфармацыі, атрыманай у райвыканкаме, іх ніхто не набыў.