У Гарадку з'явіцца яшчэ адзін крыж у гонар ахвяраў бальшавізму

Гарадоцкая міліцыя распачала крымінальную справу па факце выкрадання паклоннага крыжа, што быў усталяваны ў гонар жыхароў раёна, якія загінулі падчас антыбальшавіцкага паўстання ў 1918 годзе.
Цяпер міліцыянты вядуць апытанне сведкаў. Але, як паведаміў актывіст руху "За Свабоду!" Леанід Аўтухоў, у прыватнай размове следчы папярэдзіў яго, што справа ў хуткім часе будзе прыпынена.

Нагадаем, крыж знік 30 кастрычніка. Каб міліцыянты згадзіліся распачаць крымінальную справу, спадару Аўтухову давялося абвясціць яго сваёй прыватнай уласнасцю. Праваахоўныя органы ў адказ пагражалі скласці на яго пратакол за несанкцыянаванае ўсталяванне крыжа.

Працягваць пошук міліцыянты абавязаны на працягу пяці гадоў. Але, як распавёў Леанід Аўтухоў, мясцовыя актывісты чакаць не збіраюцца і ўжо вясной плануюць аднавіць паклонны крыж, на гэты раз узгадніўшы яго ўсталяванне з раённымі ўладамі.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Гарадок