У "Газпраме" не каментуюць звесткі пра магчымую запазычанасць Беларусі

У расійскай кампаніі "Газпрам" пакуль не каментуюць інфармацыю пра магчымую запазычанасць Беларусі за аплату паставак газу ў другім квартале. Прынамсі, афіцыйны прадстаўнік "Газпрама" Сяргей Купрыянаў пакуль утрымліваецца ад каментароў на гэтую тэму.
Нагадаем, у пятніцу раніцай у шэрагу расійскіх СМІ з'явіліся паведамленні пра тое, што ў другім квартале наша краіна не расплацілася цалкам за пастаўлены расійскі газ. Называлася і лічба запазычанасці - 45 мільёнаў долараў.

Аднак ужо ўвечары першы намеснік міністра энергетыкі Эдуард Таўпянец заявіў, што Беларусь нічога не павінна "Газпраму".

"Мы за ўсё плацім своечасова", - сказаў Таўпянец. Праўда, ён прызнаў, што расійскі бок мае да Беларусі прэтэнзіі па плацяжах за газ.