У Глыбокім прапануюць на месцы турмы аднавіць уніяцкую царкву XVIII ст

Жыхары Глыбокага сабралі больш за паўсотні подпісаў, каб аднавіць уніяцкую царкву XVIII стагоддзя ў Беразвеччы. На руінах будынка, які лічыўся шэдэўрам віленскага барока, стаіць папраўчая калонія №13. Храм жа знеслі ўлады ў 50-я гады мінулага стагоддзя. Каб яго аднавіць, цяпер неабходна пераносіць турму. Для гэтага мясцовы актывіст, пенсіянер Генадзь Плавінскі, звяртаўся ў высокія інстанцыі. Ён пабываў на прыёме ў Уладзіміра Андрэйчанкі, старшыні Палаты прадстаўнікоў, які з’яўляецца дэпутатам ад гэтай выбарчай акругі. Аднак ідэю не падтрымалі ў Дэпартаменце выканання пакаранняў: дзяржава адказала, што не супраць ідэі, але сродкаў на гэта няма. Тым не менш спадар Плавінскі не страчвае надзеі.

“Я думаю, што ён адновіцца. Для нас гэта не проста мары, праз нейкі час ён будзе. Праз год, два, тры, пяць, але я не дажыву да гэтага. Але думаю, што храм у Беразвеччы будзе адноўлены ва ўсёй красе”.

Увогуле ж ідэя аднаўлення царквы з’явілася падчас святкавання 600-годдзя Глыбокага, калі ў горад завітала прадстаўнічая дэлегацыя роду Корсакаў. Менавіта прадстаўнік гэтага роду Язэп Корсак з’яўляецца фундатарам трох глыбоцкіх храмаў. Прадстаўнікі роду запэўніваюць, што калі будзе воля з боку дзяржавы, то яны таксама дапамогуць у стварэнні фонду аднаўлення святыні. Вядома ж, грошы на аднаўленне і перанос папраўчай установы яны не маюць, але, стварыўшы фонд, іх рэальна было б сабраць. На іх думку, трэба толькі стварыць грамадскі камітэт па аднаўленні храма, куды б разам з уладамі ўваходзілі і прадстаўнікі грамадскасці. Ідэю падтрымлівае і глыбоцкі краязнаўца, заснавальнік і выдавец газеты “Вольнае Глыбокае” Уладзімір Скрабатун, які шмат пісаў пра аднаўленне святыні.

“Калі ўлічыць польскі досвед, дзе ёсць фонды, створаныя пад пэўны канкрэтны помнік гісторыі або архітэктуры, то я лічу, што па гэтым прынцыпе маглі б і ў нас стварацца ў Беларусі ў кожным райцэнтры невялічкія фонды на аднаўленне пэўнага помніка гісторыі або архітэктуры. Але, напэўна, наша рэчаіснасць не дазваляе гэтага рабіць”.

Вядома, на аднаўленне святыні патрэбныя немалыя грошы. Але спадар Скрабатун лічыць, што няма нічога немагчымага:

“У Віцебску аднавілі, наколькі я ведаю, два храмы цалкам з нуля. Яны былі разбураныя ў 30-я годы, але два храмы аднавілі. Я лічу, што з цягам часу рэальна аднавіць і беразвецкую царкву, нават усе гэтыя будынкі, якія там былі, абсалютна рэальна. Тым больш што ёсць усякія абмерныя чарцяжы, фотаздымкі інтэр’ераў, вонкавага выгляду”.

Не збіраюцца апускаць рукі і жыхары Глыбокага, якія спасылаюцца на досвед польскага Беластока, дзе ў 90-я гады мінулага стагоддзя была пабудаваная копія гэтай святыні.

Фота: radzima.org

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма