У Гомелі адкрыюць 3D-кіназалу з самым вялікім у Еўропе экранам

Экран 3D-кінатэатра ў Гомелі будзе самым вялікім у Еўропе. Як інфармуе газета "Гомельскія ведамасці", толькі яго праекцыйная адлегласць складзе 32 метры. У новым кінатэатры гледачам будуць выдавацца новыя адмысловыя акуляры. Гэта будуць ужо не прымітыўныя кардонныя чырвона-сіне-зялёныя, а высокатэхналагічныя акуляры X-PAND з вадкакрышталёвымі экранамі замест шкла. У комплексе з абсталяваннем яны гарантуюць мінімальную страту святла і самы рэалістычны трохмерны малюнак.

У кінатэатры будуць прынятыя адмысловыя меры для захавання дарагіх акуляраў. Так, падчас кінасеансу ў зале будзе знаходзіцца персанал, задача якога - сачыць за працэсам. Напрыканцы сеансу ў вызначаным парадку акуляры будуць збірацца ў адмысловыя кейсы, а гледачы будуць пакідаць кіназалу, праходзячы праз прыладу, якая ўлоўлівае акуляры на адлегласці чатырох метраў.