У Гомелі чыноўнікі абследавалі ўмовы жыцця дачкі апазіцыянера Жукоўскага

Супрацоўнікі аддзела адукацыі адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля абследавалі ўмовы, у якіх жыве пяцігадовая дачка апазіцыянера Канстанціна Жукоўскага. Гэтыя дзеянні Жукоўскі расцаніў як націск на яго і сям'ю, паведамляе БелаПАН. Супрацоўнікі аддзела адукацыі паказалі апазіцыянеру дакумент, з якога вынікала, што начальнік аддзела адукацыі просіць неадкладна правесці абследаванне і падаць акт абследавання жыллёва-бытавых умоў па адрасе, дзе пражывае Жукоўскі з жонкай і дачкой. Таксама ў дакуменце згадвалася, што абследаванне звязана з тым, што Жукоўскі паводле пастановы суда Петрыкаўскага раёна адбываў пакаранне — 10 сутак арышту.


Паводле слоў актывіста апазіцыі, у акце абследавання бытавых умоў ён зрабіў заўвагу, што ў яго дачкі ўмовы жыцця горшыя, чым у хлопчыка Колі Лукашэнкі, але лепшыя, чым у многіх беларускіх дзяцей.