У Гомелі прайшоў open-air з п’янымі гонкамі і незаконным продажам алкаголю
Відавочцы выклікалі міліцыю, каб суняць бойку, аднак ніхто не прыехаў.
У Гомелі на Валодзькіным возеры прайшоў неафіцыйны open-air з бойкамі, п’янымі гонкамі і незаконным продажам алкаголю. Відавочцамі сталі рыбакі, якія прыйшлі на возера патрэніравацца напярэдадні турніру па лоўлі рыбы.
Як піша сайт 023.by, каля 21-й гадзіны арганізатары ўключылі музыку, а на падрыхтаванай пляцоўцы пачалі збірацца ўдзельнікі. Большасць з іх прыехала на машынах.
Продаж алкаголю быў наладжаны тут жа ў намёце. MC Street і DJ Жак заклікалі “падзаправіцца” маладых людзей, якім было на выгляд ад 14 да 22 гадоў. На танцполе адбылася масавая бойка, у якой удзельнічала 15 чалавек. Праз нейкі час пераможаны бок вярнуўся з падмацаваннем, і ў бойцы ўдзельнічала ўжо каля 70 чалавек.
Удзельнікаў яшчэ адной бойкі давялося ратаваць удзельнікам турніру па рыбнай лоўлі. Паведамляецца, што да страты прытомнасці збілі маладую пару, якая збіралася сысці з вечарынкі.
Нягледзячы на тое, што побач адпачывалі людзі, асобныя ўдзельнікі пачалі ладзіць па полі гонкі на аўтамабілях. Раз’язджацца ўсе пачалі бліжэй да дзвюх гадзінаў ночы. Пасля сябе ўдзельнікі пакінулі смецце.
Відавочцы сцвярджаюць, што яшчэ падчас бойкі выклікалі міліцыю, аднак ніхто не прыехаў.