У Гомелі сведку Іеговы судзяць за адмову ад службы ў войску

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля ідзе паседжанне ў справе навабранца Змітра Смыка. Медкамісія прызнала яго годным да службы ў войску. Аднак Смык, які з’яўляецца вернікам царквы “Сведкі Іеговы”, з пастановай катэгарычна не згодны.
Ён заявіў, што служыць яму не дазваляюць рэлігійныя перакананні. Таму на яго распачалі крымінальную справу з нагоды ўхілення ад вайсковага прызыву. Судовыя разбіральніцтвы цягнуцца ўвесь кастрычнік, аднак пакуль што нічым не скончыліся.

Зміцер Смык: “Яны рабілі запыт у маю арганізацыю, ці гэта арганізацыя забараняе мне служыць у войску, ці гэта маё асабістае перакананне. Настроеныя не ў маю пазіцыю — гэта адназначна. Я думаю, сёння будзе вынесены прысуд. Калі ён будзе абвінаваўчы, буду падаваць апеляцыю”.

Абвінавачаны цвердзіць, што гатовы прайсці альтэрнатыўную службу. Аднак казус сітуацыі ў тым, што закону аб альтэрнатыўнай службе ў краіне дагэтуль няма. У Канстытуцыі ж, наадварот, замена вайсковай службы на альтэрнатыўную прадугледжаная.