У Гомелі ўпершыню за 90 гадоў занясуць скрутак Торы ў сінагогу

Занясенне скрутка Торы ў сінагогу адбудзецца ў Гомелі 18 кастрычніка. Як паведаміў БЕЛТА старшыня гомельскай юдзейскай рэлігійнай абшчыны "Бейт Яакаў" Ёсеф Жолудзеў, такое масавае святочнае шэсце ў горадзе пройдзе ўпершыню з часоў Кастрычніцкай рэвалюцыі. Скрутак Торы, створаны больш за 200 гадоў таму, прывязуць з Масквы. У цырымоніі прымуць удзел габрэі — жыхары горада. Плануецца, што з імі свята раздзеляць прадстаўнікі адміністрацый горада і вобласці, аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Сярод гасцей будзе Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Дзяржавы Ізраіль у Беларусі, прадстаўнікі ізраільскага пасольства, дырэктар Ізраільскага культурна-інфармацыйнага цэнтра пры амбасадзе, віцэ-прэзідэнт Расійскага габрэйскага кангрэса, габрэйскія бізнэсмэны з Беларусі, рабіны і настаўнікі Торы з СНД, Еўропы, Ізраілю і ЗША. Шэсце будуць суправаджаць конныя вершнікі з паходняй і аркестр.

Як адзначыў Ёсеф Жолудзеў, юдэйскую рэлігійную абшчыну "Бейт Яакаў" наведваюць каля 200 чалавек. Аднак іх адзінаверцаў на Гомельшчыне значна больш. Праўда, Гомель — адзіны абласны цэнтр у Беларусі, дзе на цяперашні час няма будынка сінагогі. Пакуль што пад сінагогу арандуецца памяшканне па вуліцы Чырвонаармейскай, 1а.