У Гомелі злавілі эксгібіцыяніста ў стрынгах і ружовых панчохах

Суд Савецкага раёна Гомеля прысудзіў да трох месяцаў арышту эксгібіцыяніста, які задавальняў свае сэксуальныя патрэбы ў скверы на вуліцы Лазурнай. Настолькі суровае пакаранне за падобнае злачынства ў Гомелі вынесенае ўпершыню, адзначае сайт odsgomel.org.

34-гадовы жыхар прыгараднага пасёлка ў жніўні 2014 года прыехаў у Гомель, каб сустрэцца з сябрам. Аднак сустрэча не адбылася, а мужчына, які выпіў пляшку гарэлкі, заснуў проста на лаўцы на вуліцы.

Прачнуўшыся, малады чалавек пабачыў жанчыну з вазочкам, у якім спала яе маленькая дачка. Каб прыцягнуць увагу жанчыны, ён зняў спартовыя штаны, а пад імі апынуліся жаночыя ружовыя панчохі і майткі-стрынгі. Потым мужчына стаў дэманстраваць палавыя органы.

Калі жанчына сыходзіла, эксгібіцыяніст пачаў пераследаваць яе. Спыніла яго толькі з'яўленне на алеі мужчыны з сабакам. Пацярпелая выклікала міліцыянтаў, якія і затрымалі парушальніка.

У пастарунку мужчына пазбавіўся ад кампраметуючай вопраткі — схаваў у зліўным бачку. Спярша парушальнік усё адмаўляў, але неўзабаве прызнаў, што быў здольны на такі ўчынак, хоць і не памятае прычыны, бо быў п'яны.

Фота — newsru.co.il