У гомельскай журналісткі Шчыраковай канфіскавалі тэхніку

Супрацоўнікі КДБ 11 студзеня правялі вобыск у доме гомельскай журналісткі члена Беларускай асацыяцыі журналістаў Ларысы Шчыраковай, якая супрацоўнічае з шэрагам недзяржаўных СМІ.

Як паведаміла БелаПАН Шчыракова, падчас вобыску былі канфіскаваны два стацыянарныя камп'ютары, ноўтбук, дыктафон, запісныя кніжкі, прыкладна 150 DVD.

Паводле яе слоў, вобыск праводзілі супрацоўнікі КДБ Юрый Казарэз, Генадзь Белкавец, Уладзімір Дубінін і Міхаіл Астапенка на падставе пастановы пракуратуры Мінска ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня.

"Якое дачыненне да мяне маюць падзеі ў Мінску, калі я там не была? Я асвятляла выбарчую кампанію, сустрэчы кандыдатаў у прэзідэнты з гамяльчанамі. Гэты вобыск — помста мне за прафесійную дзейнасць, запалохванне", — лічыць Шчыракова.

Журналістку выклікаюць 12 студзеня на допыт ва УКДБ.