У Гродне 19-гадовы хлопец зваліўся з даху шматпавярховіка і загінуў

Апоўдні 13 траўня ў Гродне з даху шматпавярховага дома, які будуецца па вуліцы Багушэвіча, зваліўся 19-гадовы хлопец. Выпадковы сведка выклікаў хуткую дапамогу, але малады чалавек памёр яшчэ да прыезду медыкаў. Следства высвятляе, ці гэта было самагубства, ці няшчасны выпадак. Афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч адзначыў у каментары парталу tut.by, што прычыну смерці ўстанаўлівае следства, прызначаныя адпаведныя экспертызы.

Вядома, што загінулы хлопец — ураджэнец Пінска, але апошнім часам жыў у Гродне. У яго засталіся жонка і аднагадовая дачка. 18-гадовая дзяўчына, з якой малады чалавек размаўляў па тэлефоне непасрэдна перад падзеннем з даху, кажа, што ён хацеў развесціся з жонкай (пра гэта кажуць і некаторыя яго сябры), планаваў з'ехаць з Беларусі. Дзяўчыне ён нават паспеў падараваць пярсцёнак. Жонка хлопца ў статусе на старонцы ў сацсетцы напісала: "Яго больш няма, але я ўсё роўна яго кахаю" і "Ведай, я заўсёды цябе буду кахаць".

Нагадаем, 12 траўня ў Гродне з акна восьмага паверху скокнула 69-гадовая жанчына, у якой была дэпрэсія з-за цяжкага захворвання. Яна загінула. У Брэсце ўначы з 10 на 11 траўня пад вокнамі студэнцкага інтэрната знайшлі цела 20-гадовай дзяўчыны. Студэнтка магла загінуць з-за кепскай адзнакі.

Фота: s13.ru