У Гродне адкрылася выстава мастакоў па шкле (фота)

Выстава мастакоў па шкле адкрылася ў Гродне. Усе экспанаты зроблены на шклозаводзе “Нёман” у Бярозаўцы. Іх стварылі мастакі з Беларусі, Латвіі, Літвы, Венгрыі, Расіі і Ўкраіны. Нагадаем, летась у Бярозаўцы прайшоў першы Міжнародны сімпозіум мастацкага шкла.

Як адзначыла галоўны мастак бярозаўскага шклозавода Вольга Падліпаліна, для прадпрыемства, накіраванага найперш на вытворчаць спажывецкіх тавараў, падобны плэнэр быў своеасаблівым "геройствам і раскошай". У гарадах Львоў (Украіна) і Гусь Хрустальны (Расія) такія мастацкія злёты — сталая традыцыя. Бярозаўка ж упершыню прымала ў сябе два дзесяткі майстроў з розных краін.

Унікальныя шкляныя вырабы жыхары і госці Гродна могуць пабачыць да сярэдзіны лютага. Затым выстава адправіцца ў Мінск, пасля вернецца ў Бярозаўку.