У Гродне чакаюць нашэсця чэшскіх бізнэсмэнаў

Група чэшскіх бізнэсмэнаў можа прыехаць увосень у Гродна.Такую надзею выказаў намеснік міністра замежных спраў Чэхіі Томаш Паяр, які спаткаўся ў Гродне са старшынём аблвыканкама Уладзімірам Саўчанкам. Паводле Томаша Паяра, чэхаў можа зацікавіць машынабудаўніцтва і вытворчасць шкла.  Гродзенскія ўлады ўжо выказалі жаданне атрымаць сучасныя тэхналогіі для мадэрнізацыі вытворчасці на шклозаводзе “Нёман” у Бярозаўцы на Лідчыне. Другая галіна, у якой яны жадаюць супрацоўнічаць, — энергетыка. Існуе дамоўленасць, што абсталяванне для Гродзенскай ГЭС на суму 9,5 мільёнаў еўра замовяць у чэшскай фірмы.

Сёння на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны “Гроднаінвест” дзейнічае толькі адно прадпрыемства з чэшскім капіталам. Яно вырабляе драўляныя крэслы.

Раней вялася гаворка аб тым, што чэхі набудуць у Гродне рэстаран. Аднак гэтая ідэя, як і праект стварэння забаўляльнага комплекса на тэрыторыі былога піўзавода, так і не атрымалі працягу.

Томаш Паяр зазначыў, што карысным быў бы візіт у Прагу гродзенскіх прадпрымальнікаў. У Гродне ён спаткаўся таксама з прадстаўнікамі недзяржаўных грамадскіх арганізацый.