У Гродне п’яны кіроўца на аўто сваёй жонкі пабіў тры машыны (фота)
Выпіўшы бутэльку гарэлкі, ён паехаў набываць падарунак каханай жанчыне на 8 сакавіка.
П’яны кіроўца стаў вінаватым у буйной аварыі, якая адбылася 8 сакавіка ў Гродне. Святкаванне Жаночага дня для яго пачалося з таго, што ён выпіў бутэльку гарэлкі ў сваёй кватэры. Потым ён згадаў, што трэба павіншаваць жонку, і паехаў на яе аўтамабілі на Скідэльскі рынак — набываць падарунак. Аднак па дарозе ён сустрэў сябра і яго знаёмага. Мужчыны вырашылі працягнуць святкаванне ўтраіх.
На праспекце Касманаўтаў п’яны кіроўца страціў пільнасць і пабіў тры машыны, якія стаялі ў правым радзе перад чырвоным сігналам святлафора. Жанчына-кіроўца адной з машын атрымала пашкоджанні і трапіла ў лякарню.
Як адзначае прэс-служба Гродзенскай абласной ДАІ, вінаваты ў аварыі дагэтуль 10 разоў пазбаўляўся правоў. Таксама ён тройчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Пасля апошняга затрымання яго на 9 гадоў (да 2022 года) пазбавілі права кіравання транспартнымі сродкамі.
Машына належыць жонцы парушальніка і падлягае канфіскацыі.
