У Гродне судзяць кіраўніцтва Саюзу палякаў

Чацвёра кіраўнікоў непрызнанага ўладамі Саюза палякаў былі затрыманыя раніцай 15 лютага. Спачатку ў Гродне міліцыянты спынілі прэс-сакратара арганізацыі Ігара Банцара, а па дарозе ў Мінск – намесніка старшыні Мечыслава Яскевіча і кіраўніка Рады арганізацыі Андрэя Пачобута. Крыху пазней у Івянцы была затрыманая і сама кіраўніца Саюзу палякаў Анжаліка Борыс. Разам з іншымі актывістамі, кіраўнікі арганізацыі ехалі ў Валожын, дзе сёння павінен адбыцца суд над старшынёй Івянецкага аддзела СПБ Тэрэсай Собаль.

Андрэя Пачобута ў дадзены момант вязуць назад у Гродна, а Анжаліку Борыс – у Валожынскі райаддзел міліцыі. Ігар Банцар і Мечыслаў Яскевіч ужо знаходзяцца ў гродзенскім судзе. Еўрарадыё здолела датэлефанавацца да Ігара Банцара непасрэдна ў час судовага працэсу.

– …правапарушэнні… Ігар Раманавіч… Высокі Суд… прызнаеце? Не прызнаеце? Часткова прызнаеце?..

– Не… У поўным аб’ёме не прызнаю.

– Калі ласка, распавядзіце, увогуле, ці з’яўляецеся вы сябрам нейкай грамадс…


Далей тэлефонны званок перарваўся. Пасля гэтага мабільныя тэлефоны ані Ігара Банцара, ані Андрэя Пачобута больш не адказваюць.