У Гродне за продаж наркотыкаў будуць судзіць 22-гадовага студэнта

У суд Кастрычніцкага раёна Гродна накіраваная крымінальная справа на 22-гадовага студэнта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Як паведамляе БелаПАН, маладога чалавека вінавацяць у незаконным захоўванні ў буйным памеры з мэтай збыту таблетак "экстазі".

Злачынцу затрымалі яшчэ 27 жніўня ў будынку чыгуначнага вакзала Гродна. Там ён збіраўся прадаць чарговую партыю наркотыку. Пры асабістым аглядзе ў студэнта выявілі 475 таблетак псіхатропнага рэчыва і грошы, якія перадаў яму пакупнік: 150 долараў і 460 тысяч рублёў. Як выявілася, такая сума патрабавалася для набыцця 25 таблетак "экстазі". У той дзень астатнюю партыю на больш як 20 мільёнаў рублёў затрыманы збіраўся везці ў Мінск для продажу.

На думку праваахоўнікаў, студэнт быў пасярэднікам у злачынным ланцужку. Астатніх удзельнікаў яшчэ належыць выявіць. Хлопцу пагражае пазбаўленне волі да 13 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.