У гродзенскай бальніцы мужчына табурэткай забіў пацыентку

У адной з гродзенскіх бальніц адбылося трагічнае здарэнне. 56-гадовы мужчына забіў табурэткай пацыентку.

Як піша газета "Вечерний Гродно", мужчыну прывезлі ў бальніцу ўначы — яго знайшлі ў горадзе, калі ён гуляў без абутку і не мог уцямна адказаць на пытанні. У палаце невядомага пакінулі без нагляду. Ён гэтым скарыстаўся і зайшоў у суседнюю палату. Менавіта там ён і забіў адну жанчыну, а іншай нанёс цяжкія траўмы.

Цяпер праваахоўнікі высвятляюць усе абставіны гэтага здарэння. Паводле папярэдняй інфармацыі, зламыснік мае псіхічнае захворванне. Яго затрымалі.

БЕЛТА інфармуе, што траўмы атрымалі тры жанчыны (зламыснік збіваў іх не толькі табурэткай, але і рукамі ды нагамі). Загінулая і пацярпелыя сталага ўзросту. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "Забойства".