У Ірландыі дазволілі экстазі і некаторыя іншыя наркотыкі… да чацвярга
У выніку юрыдычнай нестыкоўкі ў гэтай краіне, фактычна, на некалькі дзён дазволена захоўванне некаторых наркотыкаў.
Ірландскі суд прызнаў незаконным палажэнне антынаркатычнага заканадаўства краіны ад 1977 года. Здарылася гэта падчас разгляду справы грамадзяніна Літвы Станіслава Бедзерава. У 2012-м яго асудзілі ў Ірландыі за захоўванне наркотыкаў.
У дакуменце, якому ўжо 38 гадоў, такія наркотыкі, як метамфетамін, галюцынагенныя грыбы і экстазі, былі ў спісе забароненых прэпаратаў. Цяпер жа ён апынуўся па-за законам з-за таго, што не абмяркоўваўся і не зацвярджаўся парламентам краіны. Такім чынам, пасля яго адмены захоўванне гэтых наркотыкаў дазволена, піша The Guardian.
У сувязі з такой сітуацыяй з’явілася патрэба ў стварэнні новага закона, які б рэгуляваў абарот наркатычных рэчываў. Ірландскі ўрад тэрмінова ініцыяваў прыняцце асобнага забараняючага закона па гэтай групе наркотыкаў. Але яго ў сераду спачатку мусіць зацвердзіць парламент, а потым падпісаць прэзідэнт краіны. У выніку закон зможа ўступіць у сілу не раней за чацвер.
Фота: Reuters