У Італіі знялі серыял па матывах гісторыі Вікі Мароз

Італьянскі тэлеканал Sky Vivo абвясціў, што неўзабаве адбудзецца прэм'ера серыяла, знятага па матывах гісторыі беларускай сіраты Вікі Мароз. У аснову шасцісерыйнага фільма "У імя Марыі" (у Італіі Віку Мароз працягваюць зваць Марыяй) пакладзеная гісторыя адносін паміж Вікай Мароз і сям'ёй Джуста-Барначын. Калі фільм гледачам спадабаецца, аўтары збіраюцца зрабіць яшчэ 5 серый. Сам серыял здымаўся ва Украіне. Рэжысёр Франка Д’яфэрыя патлумачыў сваё рашэнне тым, што Украіна больш адкрытая для грамадзян Еўрасаюза краіна: сюды яны могуць прыязджаць без візы.

Фабула фільма наступная. Ва Украіну прыязджае святар з Італіі, каб высветліць, што здарылася з дзяўчынкай пасля яе прымусовага вяртання з Італіі на радзіму.

Святару не атрымоўваецца знайсці Марыю, аднак герой фільма быў уражаны лёсам чарнобыльскіх дзяцей, якія жывуць ва Украіне і ездзяць на аздараўленне ў Італію. Таму святар робіць выснову: "У імя Марыі нельга забываць аб іншых".

У інтэрв'ю журналістам выканаўца адной з галоўных роляў фільма міланская тэлезорка Наташа Стэфаненка (у фільме яна грае прадстаўніцу ўкраінскага ўрада)  заявіла, што  гісторыя Вікі Мароз вельмі ўразіла.

Міланская тэлезорка не падзяляе ўчынак італьянскай сям'і Джуста-Барначын, якая ў 2006 годзе хавала Віку Мароз, матывуючы свае дзеянні нечалавечымі ўмовамі, створанымі для сіраты ў Беларусі.

“Мы не хацелі б даваць які-небудзь адзнакі дзеяння сужэнцаў, але лічым, што яны сваім учынкам стварылі цяжкасці для іншых чарнобыльскіх дзяцей", — заявіла Наташа Стэфаненка, пабываўшы ў Кіеўскім дзіцячым анкалагічным цэнтры.

Паказ новага фільму, хутчэй за ўсё, адбудзецца на тле закрытага судовага працэсу ў Генуі, дзе да адказнасці за ўтойванне беларускай сіраты ў якасці абвінавачаных прыцягнутыя сужэнцы Джуста–Барначын, іхныя бацькі, а таксама два каталіцкія святары.

Радыё Свабода