У КДБ Вользе Някляевай не пацвердзілі, што муж знаходзіцца ў СІЗА

Вольга Някляева сёння пасля генпракуратуры наведала прыёмную КДБ, каб падаць скаргу. Нагадаем, яна патрабуе пусціць да мужа, паэта і палітыка Ўладзіміра Някляева, яго адваката і паведаміць, ці жывы ён. Як паведамляе наш карэспандэнт, Вользе Някляевай супрацоўнікі КДБ дагэтуль афіцыйна не пацвердзілі, што муж знаходзіцца ў СІЗА дзяржбяспекі. Яны прынялі ліст, але нічога не паведамілі і не патлумачылі.

Дарэчы, юрысты кажуць, што, паводле закону, пасля 10 дзён утрымання ў СІЗА Ўладзіміру Някляеву павінны ці змяніць статус, ці адпусціць. Тэрмін гэты сканчаецца вечарам 29-га ці раніцай 30-га снежня. Тэарэтычна, тады адвакат ужо дакладна зможа яго пабачыць.