У Кіеве абмяркоўвалі перспектывы ўступлення Беларусі ў ГУАМ

Прэзентацыя экспертнага матэрыялу "Украіна — Беларусь: далягляд 2020" прайшла сёння ў Кіеве. Ён быў распрацаваны ў рамках праекта "КОМПАСС" пры падтрымцы Рэгіянальнага прадстаўніцтва Фонду Эберта ва Ўкраіне і Беларусі.
Падчас прэзентацыі эксперты выказаліся наконт перспектываў ўступлення Беларусі ў ГУАМ — Арганізацыю за дэмакратыю і эканамічнае развіццё, у якую ўваходзяць Грузія, Украіна, Азербайджан і Малдова. 

Эксперт Інстытута палітычных даследаванняў "Палітычная сфера" (Беларусь) Кірыл Ігнацік прагназуе, што Беларусь пасля завяршэння прэзідэнцкай кампаніі і ў выпадку ўзмацнення ціску з боку Расіі можа далучыцца да ГУАМ. Праўда, гэтая арганізацыя пакуль з'яўляецца вельмі слабым наднацыянальным аб'яднаннем, адзначыў ён.

Паводле слоў прэзідэнта Палескага фонду міжнародных і рэгіянальных даследаванняў (Украіна) Генадзя Максака, Украіна павінна зрабіць захады для рэанімацыі ГУАМ. "Калі сутнасць акцэнтаў у гэтай арганізацыі будзе зрушаная ў бок эканомікі, то гэта было б таксама цікава і Беларусі", лічыць Генадзь Максак.