У Кіеве лічаць, што дамовіліся пра транзіт электраэнергіі праз Беларусь

У Кіеве з аптымізмам глядзяць на магчымасць транзіту ўкраінскай электраэнергіі праз Беларусь у Літву. Нагадаем, гэтае пытанне абмяркоўвалі падчас сваіх нядаўніх сустрэчаў кіраўнікі дзяржаваў Аляксандр Лукашэнка і Віктар Юшчанка. Планавалася, што адпаведнае пагадненне будзе падпісанае ў траўні. Як адзначае кіеўскі тыднёвік "Деловая столица", пакуль Украіне ўдалося зрабіць толькі першы крок да сваёй мары — выхаду на энергетычны рынак Прыбалтыкі. У канцы траўня было падпісанае пагадненне аб пастаўках украінскай электраэнергіі ў Беларусь да канца 2009 года.

Hамеснік міністра паліва і энергетыкі Ўкраіны Алег Бугаёў сцвярджае, што "кантракт з Мінскам адкрывае перад намі браму ў накірунку прыбалтыйскіх рынкаў". Паводле яго слоў, пасля таго, як Украіна пачне прадаваць электраэнергію Беларусі, пачне рэалізоўвацца другі этап дамоўленасцяў — транзіт у Літву.

Мяркуецца, што пастаўкі электраэнергіі ў Літву будуць здзяйсняцца па т. зв. свон-схеме — ўкраінская электраэнергія будзе замяшчацца на мяжы Ўкраіна — Беларусь на ідэнтычны аб'ём беларускай электраэнергіі на мяжы Беларусь — Літва. У Мінску ж магчымасці прадстаўлення транзіту ўкраінскай электраэнергіі пакуль не каментуюць.