У Кішынёве апазіцыя зладзіла шматтысячны мітынг

У Кішынёве апазіцыя зладзіла шматтысячны мітынг

У сталіцы Малдовы ў нядзелю адбыўся шматтысячны мітынг апазіцыі. Прычынай пратэстаў стаў гучны карупцыйны скандал у 2014 годзе: у выніку фінансавых махінацый з банкаў краіны знік 1 мільярд долараў.

Нечакана саюзнікамі падчас пратэставых дэманстрацыяў сталі празаходні і прарасійскі блокі. Яны заклікаюць да адстаўкі ўрада, які лічаць датычным да карупцыі і звязаным з магутным мясцовым алігархам.

Паводле інфармацыі BBC, улады адмянілі альтэрнатыўны мітынг у падтрымку кабінета міністраў. Яго планавалася правесці ў адным з раёнаў малдаўскай сталіцы. Улады заклікаюць арганізатараў пратэстных акцый устрымацца ад гвалту.

Тым часам на апазіцыйным мітынгу стварылі Камітэт нацыянальнага ратавання, піша "Комсомольская правда". Пратэстоўцы патрабуюць адстаўкі кіраўніцтва краіны і датэрміновыя выбары не пазней, чым у красавіку 2016 года. Акрамя таго, яны патрабуюць, каб выбары прэзідэнта адбываліся не ў парламенце, як цяпер, а падчас усеагульнага галасавання.