У Кітаі са спецыяльнай "фермы" збеглі 1,5 мільёна прусакоў
Іх гадавалі для выкарыстання ў традыцыйнай кітайскай медыцыне.
Як паведамляе ІТАР-ТАСС, здарэнне адбылося ва ўсходнекітайскай правінцыі Цзянсу. Прусакоў трымалі ў парніку, пластыкавыя сценкі якога разбурыў нехта невядомы.
Уладальнік "фермы" Ван Пэншэн арганізаваў бізнэс некалькі месяцаў таму. Ён набыў 102 кг яек амерыканскага прусака /Periplaneta Americana/ за 16 тысяч долараў ЗША. Гэтыя казуркі лічацца шкоднікамі, бо з'яўляюцца пераносчыкамі розных бактэрыяльных інфекцый. Аднак у традыцыйнай кітайскай медыцыне экстракт, атрыманы з прусакоў, выкарыстоўваецца для лячэння анкалагічных захворванняў, зняцця запаленняў і павышэння імунітэту.
Па словах бізнэсмэна, прусакоў кармілі садавінай і печывам. Гаспадар "фермы" разлічваў прадаваць прусакоў па кошце 160 долараў за кілаграм. Цяпер мясцовыя органы санітарнага кантролю распрацоўваюць план па знішчэнні шкоднікаў, якія вырваліся на волю.
Фота — ДПА-ИТАР-ТАСС