У Кобрынскім раёне маленькія хлопчыкі спалілі 45 тон сена (фота)
Дзеці бесперашкодна трапілі на сенасклад.
Моцны пажар адбыўся 15 ліпеня на сенаскладзе ў вёсцы Мінянка Кобрынскага раёна. Пра ўзгаранне выратавальнікам паведаміла жанчына-відавочца. На момант прыбыцця пажарных навес для захоўвання сена гарэў адкрытым полымем. У момант пажару загрузка складала 95 тон.
У выніку агонь знішчыў 45 тон сена сёлетняга ўкосу, пашкоджаны дах збудавання на плошчы 280 квадратных метраў. Яшчэ 50 тон сена ўратавалі. Пацярпелых няма.
Прычынай пажару, паводле папярэдніх звестак, стала дзіцячае свавольства з агнём. На сенасховішча прабраўся вучань 4-га класа мясцовай школы разам са сваім сябрам-аднагодкам — вучнем кобрынскай гімназіі, паведамляе прэс-служба МНС.
Пасля гэтага інцыдэнту доступ на сенасклад будзе абмежаваны.
