У Курапатах ушанавалі памяць ахвяраў бальшавіцкага тэрору

Традыцыйнае ўшанаванне ахвяраў сталінізму адбылося ўчора ў Курапатах у Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі. У акцыі ўдзельнічалі каля 30 чалавек - актывісты маладзёжных арганізацый, прадпрымальнікі, былыя вязні ГУЛАГу, сябры секцыі "Мемарыял" Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, а таксама часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур. Былі ўскладзеныя кветкі да мемарыяльных знакаў, у тым ліку да Крыжа пакутаў, запаленыя свечкі, хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць ахвяраў бальшавіцкага тэрору. На месцы магілы, дзе пахаваныя 52 жыхары Заходняй Беларусі, расстраляных пасля 17 верасня 1939 года, была адкрытая мемарыяльная шыльдачка.

Падобныя акцыі таксама прайшлі на Кальварыйскіх могілках, у Лошыцы, Трасцянцы, парку імя Чалюскінцаў, на Вайсковых могілках у Мінску.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі нагадаў, што ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года энкавэдыстамі былі расстраляныя ў Мінску каля 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку 36 пісьменнікаў і журналістаў. Чым часцей людзі будуць прыходзіць на святыя для кожнага беларуса месцы, тым большая гарантыя таго, што падобнае ніколі не паўторыцца, лічыць палітык.

БелаПАН