У Курапатах ўспомнілі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій

Ва ўрочышча Курапаты каля Мінску адбылося памінанне ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Традыцыйна яно ладзіцца 29-га дня кожнага месяца, нагадвае БелаПАН. Удзел у акцыі ўзялі прадстаўнікі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, моладзевых арганізацый і былыя рэпрэсаваныя. Яны запалілі свечкі і ўсклалі кветкі да месцаў масавых растрэлаў бязвінных людзей, ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання.

Напярэдадні памінання невядомыя здзейснілі ў Курапатах чарговы акт вандалізму. Яны знішчылі рэпрадукцыю абраза Маці Божай Курапацкай усіх нявінна забітых, намаляваную Аляксеем Марачкіным, а таксама зламалі некалькі крыжоў. Прадстаўнікі таварыства аховы помнікаў лічаць, што гэты вандалізм — вынік папушчальніцтва з боку ўладаў.

За цырымоніяй памінання вялі назіранне і відэаздымку пяць прадстаўнікоў сілавых структур у форме супрацоўнікаў міліцыі і грамадзянскай вопратцы.