У кватэры Атрошчанкава праведзены паўторны ператрус

18 студзеня ў кватэры Аляксандра Атрошчанкава, прэс-сакратара экс-кандыдата ў прэзідэнта Андрэя Саннікава, прайшоў паўторны вобыск. Першы адбыўся 25 снежня 2010 года, паведамляе БелаПАН.  Атрошчанкаў знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ, быў затрыманы 20 снежня за ўдзел у масавай акцыі пратэсту, якая прайшла напярэдадні ў Мінску. Атрошчанкаў з'яўляецца абвінавачаным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 снежня.

Як паведаміла яго жонка Дар'я Корсак, вобыск праводзілі супрацоўнікі КДБ. Ён доўжыўся прыкладна з 8.30 да 11.00. Канфіскаваны мабільны тэлефон бацькі Дар'і Корсак, два мадэмы, ноўтбук, цвёрды дыск камп'ютара. Паводле меркавання Дар'і, супрацоўнікі КДБ спрабавалі знайсці рэчы, якія можна было б выкарыстаць супраць Аляксандра ў судзе. Аднак, паводле слоў жанчыны, іх намаганні марныя, бо "справа поўнасцю сфабрыкавана".

Дар'я Корсак да гэтага часу не мае ніякіх звестак пра мужа: лістоў ад яго не было, адваката да яго не пускаюць.