У Латвіі асцярожна падыходзяць да "антыбеларускіх" санкцыяў

Заўтра Камісія Сейма па замежных справах праслухае паведамленне МЗС Латвіі аб сітуацыі ў Беларусі. Напярэдадні ўдзельнікі слуханняў абазначылі свае пазіцыі з гэтай нагоды.  Міністр замежных справаў Латвіі Гіртс Валдзіс Крыстоўскіс лічыць, што ўвядзенне эканамічных санкцыяў супраць Беларусі "не дасць жаданага выніку".

Такое меркаванне ён выказаў сёння ў інтэрв'ю латвійскаму парталу TVNET.

У той жа час міністр не выключае ўзмацнення жорсткасці "візавага рэжыму ў дачыненні да Лукашэнкі і беларускіх палітыкаў".

Наагул Латвія будзе фармуляваць сваё меркаванне ў дачыненні санкцыяў у рамках агульнай пазіцыі Еўрасаюза, адзначыў Крыстоўскіс.

Падобнага меркавання прытрымліваецца і старшыня Камісіі Сейма па замежных справах, дырэктар Інстытута Латвіі Оярс Эрыксен Калніньш. "Мы выступаем супраць гвалту ў дачыненні да мірных грамадзянаў, а таксама устрывожаныя тым, як у Беларусі праходзілі выбары прэзідэнта”, — сказаў парталу TVNET Калніньш.

Паводле яго словаў, галоўная задача ЕС — не караць Беларусь, а дапамагчы дэмакратычным сілам гэтай краіны.