У ліпені Палата прадстаўнікоў разгледзіць законапраект пра "карту беларуса"

У ліпені гэтага года праект закону аб суайчынніках перададуць у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Пра гэта паведаміў намеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Уладзімір Ламека. Па-за межамі Беларусі пражывае каля 3,5 млн. суайчыннікаў — выхадцаў з краіны. У тым ліку каля 1 млн жыве ў Канадзе і ЗША, 870 тыс. — у Расіі, 300 тыс. — ва Украіне, 130 тыс. — у Ізраілі. У законе мяркуецца вызначыць статуc суайчынніка і выдаваць адпаведнае пасведчанне — своеасаблівую "карту беларуса".

Беларускія чыноўнікі разлічваюць, што закон дапаможа ім атрымліваць грошы ад беларускай дыяспары. На жаль, па словах У.Ламекі, з гэтым законам суайчыннікі звязваюць у першую чаргу матэрыяльную падтрымку з боку этнічнай радзімы. Маюцца на ўвазе паслабленні або ліквідацыя візавага рэжыму, ільготы на жыллё, квоты на адукацыю, а таксама дапамога ў працаўладкаванні.

БелаПАН