У Літве выбіраюць прэзідэнта, сярод назіральнікаў — моладзь з Беларусі

Сёння ў Літве праходзяць прэзідэнцкія выбары. За пост кіраўніка краіны спрачаюцца сем чалавек, у тым ліку камісар ЕС па фінансах Даля Грыбаўскайтэ, лідэр сацыял-дэмакратаў Альгірдас Буткявічус, брыгадны генерал у адстаўцы Чэславас Езерскас ды іншыя.
Для перамогі ў першым туры кандыдату неабходна набраць больш за 50 адсоткаў галасоў альбо больш за траціну галасоў, калі прагаласуе менш за палову выбаршчыкаў. Калі гэтыя ўмовы не будуць выкананыя, адбудзецца другі тур, запланаваны на 7 чэрвеня.

Фаварытам галасавання лічыцца Даля Грыбаўскайтэ, перадае агенцтва “РИА Новости”.

Як паведамляла раней Еўрарадыё, назіраць за ходам галасавання будзе і беларуская моладзь. У прыватнасці, студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і прадстаўнікі няўрадавых арганізацый.