У Лунінцы з-за авіябомбы эвакуявалі краму, міні-рынак і 4 жылыя дамы

У Лунінцы пры будаўнічых работах была выяўленая авіяцыйная бомба часоў Другой сусветнай вайны. На авіябомбу каўшом экскаватара натыкнуўся рабочы, які капаў траншэю для пракладкі камунікацый. Працы былі прыпыненыя, распавяла Еўрарадыё супрацоўніца эвакуяванага ўніверсама.

Супрацоўніца крамы: "Радыюс, дзе можна было знаходзіцца, 300 метраў. Хто недзе далей знаходзіўся, хто да сваякоў паехаў, хто дадому.У нас жа няма сваіх сапёраў - выклікалі з Баранавічаў. А 12-й нам паведамілі, што знайшлі бомбу, і недзе а пачатку 7-й можна было вяртацца на працу".

Як паведамляе БелаПАН, да прыбыцця сапёраў лунінецкія выратавальнікі разам з міліцыянтамі эвакуявалі з небяспечнай зоны 223 чалавекі: 50 — з цэнтральнага ўніверсама, 40 — з міні-рынку і 133 — з чатырох бліжэйшых жылых дамоў.

Сапёры дасталі з зямлі авіябомбу тыпу "ФАБ-50", якая апынулася баявой. Яе вывезлі ў бяспечнае месца і знішчылі.