У лёзненскі суд сёння прыйдуць актывісткі ў папяровых сукенках
Слуханне па справе выдаўца газеты “Віцебскі кур’ер” Віктара Рамнёва адбудзецца сёння ў лёзненскім судзе (пачатак у 11.30). Нагадаем, 8 кастрычніка ён быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ ў Лёзна, калі перавозіў са смаленскай друкарні наклад 35-га нумару газеты.
Агулам у Рамнёва былі канфіскаваныя 11 тысяч асобнікаў газеты. Яго вінавацяць у незаконным распаўсюдзе друкаванага выдання.
Актывісты кампаніі “Наш дом” збіраюцца зладзіць акцыю ля суда, дзе адбудзецца слуханне. Пра гэта Еўрарадыё распавяла кіраўніца “Нашага дому” Вольга Карач.
Карач: “Там збіраюцца рабіць акцыю пратэста. Знакамітая актывістка “Нашага дому” Крысціна Шацікава рыхтуе акцыю. Некалькі чалавек прыйдуць у папяровых сукенках, зробленых з газеты “Віцебскі кур’ер”, каб паказаць абсурднасць затрымання газетаў”.
Адзначым, што "Віцебскі кур’ер" — газета, якая зарэгістраваная і друкуецца ў расійскім Смаленску штотыдзень накладам у 11 тысяч асобнікаў.