У Магілёўскай вобласці злавілі цэментных спекулянтаў

У Магілёўскай вобласці выявілі нелегальную схему рэалізацыі беларускага цэменту, паведамляе БелаПАН. Паводле інфармацыі Камітэту дзяржкантролю, у Крычаве затрымалі два грузавых аўтамабілі, якія належалі грамадзянам Расіі. На гэтых машынах перавозілі 50 тон цэмента у мяхах па 50 кг. на агульную суму 2700 еўра (10,5 мільёнаў рублёў).  Кіроўцы фур падалі суправаджальныя дакументы, згодна з якімі груз ішоў у Смаленскую вобласць на замову індывідуальнага прадпрымальніка. Але ж міліцыя выявіла, што атрымальнік груза не рэгістраваўся як суб’ект гаспадарання. Аплату за цэмент зрабілі гатоўкай праз касу філіялу аднаго з банкаў Крычава. Пры гэтым кошт матэрыялу быў ніжэйшы за адпускную цану для рэалізацыі на ўнутраным рынку.

Міліцыя мяркуе, што набыты такім чынам цэмент з краіны не вывозіўся, а прадаваўся па двайным кошце на рынках Магілёўскай вобласці.