У Магілёве незалежнага кандыдата папярэдзілі за прыбіты да сцяны плакат

Кандыдату ў дэпутаты па цэнтральнай акрузе горада Магілёва Аляксандру Сілкову акруговая камісія вынесла папярэджанне за плакат, прыбіты цвіком да сцяны жылога дома. Плакат быў сфатаграфаваны невядомым чалавекам і перададзены ў камісію.
Першы наклад плакатаў Сілкову надрукавалі без выходных дадзеных. Калі гэта заўважыў сам кандыдат, ён сабраў іх і здаў у камісію. Але адзін з іх так і не знайшлі. У Беларуска- расійскім універсітэце сказалі, што яго нехта зняў. Аляксандр Сілкоў паведаміў Еўрарадыё, што яны чакалі, дзе ж усплыве зняты плакат.

А.Сілкоў: "Ведаеце, такія абвінавачанні, што недзе цвікамі быў прыбіты наш плакат, не вартыя выедзенага яйка. Атрымліваецца так, што мая ініцыятыўная група ходзіць з малаткамі і цвікамі, каб прыбіць плакат. Ужо 21-е стагоддзе, можна ж нешта іншае выдумаць".

Аляксандр Сілкоў кажа, што гэтае папярэджанне азначае толькі тое, што каманда добра працуе, і што наперадзе - правакацыі, на якія будзе рэагаваць улада. “Гэта папярэджанне іншым кандыдатам”, - зазначае кандыдат.